Наша выданне заўсёды побач з педагогамі, мы натхняемся іх арыгінальнымі ідэямі і праектамі, радуемся іх поспехам і дасягненням. Прыемна, што нашы намаганні на настаўніцкай ніве таксама не застаюцца незаўважанымі і што прыхільнікаў прафесійнага выдання становіцца ўсё больш: 2025 год мы сустракаем з рэкорднай колькасцю падпісчыкаў — звыш 40,5 тысячы педагогаў. Дзякуй за давер! Будзем разам працаваць на карысць айчыннай сістэмы адукацыі.
У ліку лепшых
Руслан Абрамчык, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:
— Кожны год для сістэмы адукацыі — гэта крок наперад. Для Прынёманскага краю ён штогод упэўнены і значны адразу па многіх кірунках.
Калі гаварыць аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, то важна адзначыць траекторыю ўкамплектавання ўстаноў адукацыі транспартнымі сродкамі. У 2023 годзе ў вобласці было набыта 27 школьных аўтобусаў, у 2024-м — ужо 45. Планавая работа ў гэтым напрамку дасць нам магчымасць да 2026 года забяспечыць абнаўленне парка аўтамабіляў тэхнікай, не старэйшай за 10 гадоў.
Планамерна рэалізуецца і задача па завяршэнні капітальных рамонтаў ва ўстановах адукацыі да 2026 года. Тут кіруемся распрацаваным комплексным планам, і адзін з яскравых прыкладаў 2024 года — істотнае абнаўленне сярэдняй школы № 7 Навагрудка. На капітальны рамонт будынка гэтай установы адукацыі было накіравана больш за 3 мільёны рублёў.
Летась у вобласці адкрыліся два дзіцячыя сады. Працягваецца будаўніцтва школы на 510 месцаў у Астраўцы. А кожная новая і абноўленая адукацыйная пляцоўка — гэта новыя магчымасці для паспяховай рэалізацыі нашых дзяцей.
Паспяхова функцыянуе на Гродзеншчыне маладзёжны парламент у двухпалатным складзе. У 2024 годзе прынцыпова важнай для нас пазіцыяй стала фарміраванне пры галоўным упраўленні адукацыі аблвыканкама і абласнога савета навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
«У 2024 годзе мы сталі лепшымі па выніках адразу дзвюх рэспубліканскіх спартакіяд — сярод школьнікаў і навучэнцаў каледжаў. Гэта сур’ёзнае спартыўнае дасягненне і адначасова важны вынік планамернай работы».
Актыўна ў рэгіёне праводзяцца мерапрыемствы Беларускай асацыяцыі школьнага спорту і шэраг характэрных толькі для нашага краю спартыўных спаборніцтваў. Напрыклад, знайшлі сваё месца ў абласным календары асацыяцыі спартыўна-масавае мерапрыемства “Гульні адважных”, спаборніцтвы па баскетболе 4х4 “Атамная энергія спорту”, агляд-конкурс “Самая спартыўная школа”.
У мінулым навучальным годзе ў адукацыйных зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ад Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел амаль 350 вучняў і ўжо больш за 120 у бягучым навучальным годзе. Да таго ж 23 выпускнікі школ і гімназій вобласці атрымалі рэкамендацыі назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў. Усе яны выбралі беларускія УВА.
Увогуле, пры выбары ўніверсітэтаў нашы выпускнікі арыентуюцца на рэспубліканскую сістэму каардынат. Аб канкурэнтаздольнасці айчыннай сістэмы адукацыі сведчаць і поспехі на міжнародных алімпіядах. Так, у 2024 годзе навучэнцы Гродзеншчыны заваявалі два медалі на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі.
Ведучы моладзь да новых поспехаў, робім стаўку ў тым ліку на падрыхтоўку кадраў для сябе. На прэстыж прафесіі педагога актыўна працуе створаная ў рэгіёне сетка профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Паказчык паступлення на профільныя спецыяльнасці сярод такіх выпускнікоў вышэйшы, чым у сярэднім па краіне. Што тычыцца колькасці заключаных мэтавых дагавораў на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях, то за апошнія 5 гадоў у цэлым па рэгіёне гэтая лічба павялічылася больш чым у 2 разы — са 135 у 2020 годзе да 284 у 2024-м.
Бачым зацікаўленасць заказчыкаў кадраў у заключэнні мэтавых дагавораў, у тым ліку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У 2024 годзе фактычная колькасць навучэнцаў, прынятых у каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — больш за 830 чалавек. Для параўнання: у 2021 годзе гэты паказчык крыху перавышаў лічбу ў 610 чалавек.
Працягваецца і плённае супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі. У прыватнасці, сумесна з абласной арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” рэалізавалі адразу некалькі сумесных праектаў. Гэта экалагічны фотапраект “Гродзеншчына — тэрыторыя клопату”, конкурс дыярам “Дарогамі вайны”, ваенна-спартыўны злёт “Подзвігу героя верныя” на базе сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна.
Плённа супрацоўнічаем і з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Чацвёрты раз педагогам вобласці ўручылі штогадовую прэмію імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Да таго ж гімназія № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна стала ўладальніцай гран-пры першага рэспубліканскага конкурсу “Выхаваць чалавека” памяці мітрапаліта.
Годна прагучаў рэгіён і на першым у краіне конкурсе сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Адным з лепшых у Беларусі стаў наш Васілій Рап’явец з сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма.
У ліку лепшых мы былі і ў пытаннях арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі. Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу лепшым загарадным лагерам у адной з намінацый стаў лагер “Сузор’е”. Адзначу таксама, што амаль 50 тысяч дзяцей аздаравіліся гэтым летам у Гродзенскай вобласці. Па гэтым паказчыку мы занялі ў краіне 2-е месца.
Нельга не згадаць, што па выніках 2023 года галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама прызнана лепшым у рэспубліцы. Гэта патрабуе ад нас далейшай якаснай работы.
Захоўваючы лідарства
Марына Ільіна, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама:
— Якім быў 2024 год для сталічнай сістэмы адукацыі? Адказным, таму што сёлета мы адзначалі юбілейныя даты знакавых для нашай краіны падзей: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва і 50-годдзе прысваення Мінску звання “Горад-герой”. Адыходзячы год быў багатым на
маштабныя мерапрыемствы, шматлікія форумы і яркія фестывалі, якія аб’ядноўвалі жыхароў сталіцы і ўсёй краіны. Мы ўсе разам сачылі за ходам VII Усебеларускага народнага сходу, рабілі свой выбар падчас адзінага дня галасавання, вось і зараз актыўна ўключыліся ў электаральную кампанію, каб выбраць дастойную будучыню для нашай краіны.
Педагагічная грамадскасць сталіцы штодзень працуе для таго, каб падрастаючае пакаленне мінчан больш даведвалася пра гераічнае мінулае, вучылася захоўваць і паважаць гістарычную памяць, разумець гістарычныя і палітычныя працэсы сучаснасці і рыхтавацца да служэння сваёй краіне і самарэалізацыі ў дарослым жыцці.
Перамогі сталічных школьнікаў на міжнародных прадметных алімпіядах сталі ўжо традыцыяй. Каманда Мінска заваявала 2-е месца на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. У агульнарэспубліканскім рэйтынгу па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах мінскія школьнікі знаходзяцца на 1-м месцы. Летась 342 выпускнікі 11-х класаў са 110 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада атрымалі 100 балаў на ЦЭ.
Развіццю сталічнай сістэмы адукацыі, умацаванню яе матэрыяльна-тэхнічнай базы асаблівую ўвагу ўдзяляе кіраўніцтва горада. Звыш 128 мільёнаў рублёў у 2024 годзе было выдаткавана на бягучыя і капітальныя рамонты, аснашчэнне камп’ютарных класаў, закупку інтэрактыўных панэлей і гандлёва-тэхналагічнага абсталявання. Пасля абнаўлення расчынілі свае дзверы адразу чатыры ўстановы адукацыі. У сталічным мікрараёне Лябяжы атрымала прапіску гімназія № 42 Мінска імя Ж.І.Алфёрава, а ў Фрунзенскім раёне па вуліцы Скрыпнікава — дзіцячы сад. І гэта не ўсе падарункі гарадскіх улад юным мінчанам. Тры дзіцячыя сады будуць уведзены ў эксплуатацыю ў пачатку 2025 года: два ў Першамайскім раёне і адзін у Партызанскім.
Забеспячэнне якасці адукацыі, стварэнне роўных магчымасцей і даступнасць адукацыйнага працэсу заўсёды былі ў ліку прыярытэтных напрамкаў работы сістэмы адукацыі сталіцы. Важнай і запатрабаванай з’яўляецца дзейнасць па ўкараненні інклюзіўнага падыходу да навучання асоб з АПФР. Сёння ў горадзе дзейнічаюць 86 класаў сумеснага навучання і выхавання, з якіх 65 класаў — для дзяцей са СДУГ.
Неабходнасць ісці па шляху развіцця профільнай адукацыі сёння не выклікае сумнення. За апошнія 3 гады ў сталіцы значна ўзрасла колькасць профільных класаў і груп прафесійнай накіраванасці, пашырыўся пералік іх кірункаў. Так, у 2024 годзе ў 418 класах рознага профілю вучыўся 7361 навучэнец. У 2023/2024 навучальным годзе ўпершыню ў Мінску былі адкрыты класы чыгуначнай і аграрнай накіраванасці. Інжынерныя класы паспяхова функцыянуюць ва ўсіх раёнах горада.
Працягваецца плённая работа па стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў на тэрыторыі вайсковых часцей
унутраных войскаў МУС, Узброеных Сіл, іншых воінскіх фарміраванняў. З моманту пачатку сумеснай дзейнасці колькасць такіх класаў вырасла больш чым у 2 разы. Гэта сведчыць аб запатрабаванасці названага кірунку.
Вырашаючы адукацыйныя задачы і арганізоўваючы карысны вольны час, у горадзе рэалізуецца шмат цікавых праектаў. Адзін з найбольш значных — духоўна-асветніцкі праект “Дыялогі з бацькамі: сям’я, выхаванне, грамадства”. Пачынаючы з 2024/2025 навучальнага года стартавалі новыя перспектыўныя праекты: інфармацыйна-асветніцкі “Пра адукацыю і не толькі” для педагогаў і інфармацыйна-адукацыйны “Кропка апоры” для навучэнцаў.
Як бачым, многае зроблена. Сёння мы можам гаварыць аб высокай якасці сталічнай адукацыі як на ўзроўні асобных устаноў, так і на ўзроўні ўсёй сістэмы. Але яшчэ больш трэба будзе зрабіць. Ужо намечаны асноўныя мэтавыя арыенціры. Задача заўтрашняга дня — фарміраванне адзінага калектыву навучэнцаў і педагогаў, які валодае ўстойлівай грамадзянскай пазіцыяй і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, здольнага смела і адкрыта дэманстраваць іх у грамадстве. Мы будзем імкнуцца захаваць высокі ўзровень якасці адукацыі і выйсці на новыя рашэнні, якія пасадзейнічаюць інавацыйнаму развіццю сістэмы сталічнай адукацыі.
Імкнуцца да новых вяршынь
Руслан Смірноў, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама:
— Мінулы год стаў для педагогаў наватарскім і значным, паспяховым і дзейсным. Сёлета спецыялісты сферы адукацыі прадоўжаць трымаць высокую планку.
Гомельшчына — край унікальны. Ён цікавы і прывабны не толькі сваёй багатай гісторыяй, але і людзьмі, якія пішуць яго летапіс сёння. Педагогі ў гэтых адносінах заўсёды адыгрывалі важную ролю. Прывяду ўсяго некалькі прыкладаў. Адразу 11 стабальнікаў падрыхтавала настаўніца матэматыкі Гомельскага абласнога ліцэя Наталля Цімашэнка, 7 стабальнікаў у матэматыка Мазырскага абласнога ліцэя Вольгі Голік, 6 найвышэйшых вынікаў — у выхаванцаў выкладчыцы фізікі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Людмілы Гарбачовай. Ці шмат такіх вынікаў у агульнарэспубліканскім зрэзе?
Па колькасці 100-бальных сертыфікатаў Гомельшчына ў гэтым годзе заняла 2-е месца сярод абласцей рэспублікі. Нашы выпускнікі атрымалі 227 сертыфікатаў па ЦЭ, ЦТ з абсалютнымі лічбамі. Да таго ж па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцамі заваявана 107 дыпломаў. Гэта красамоўна сведчыць пра якасны кампанент сістэмы адукацыі вобласці, дзе для навучэнцаў створаны роўныя ўмовы як у буйных гарадах, так і ў сельскай мясцовасці.
Сёння ў галіне працуе больш за 27 тысяч педагагічных работнікаў, амаль 3 тысячы з іх у статусе маладога спецыяліста. Толькі ў гэтым годзе прыбылі 763 маладыя спецыялісты, з іх 216 атрымалі адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Адзначу яшчэ адзін важны момант: апошнія 5 гадоў замацавальнасць маладых спецыялістаў трымалася на ўзроўні 80 працэнтаў, а ў 2024 годзе перавысіла 86 працэнтаў.
Гэтаму спрыяе тое, што нашай моладзі заўсёды ёсць з каго браць прыклад, да каго звяртацца па параду. 164 педагагічныя работнікі вобласці ўдастоены знака “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, каля 83 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Сістэма адукацыі — фундамент будучыні краіны. Выдзяляюцца фінансавыя сродкі на будаўніцтва і рэканструкцыю навучальных устаноў, удасканальваецца арганізацыя школьнага харчавання, дапрацоўваюцца падручнікі, адбываюцца адукацыйныя новаўвядзенні.
У 2024/2025 навучальным годзе на фінансаванне галіны прадугледжаны 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў, што складае значную частку бюджэту вобласці. На 1 верасня была праведзена вялікая работа. Адрамантаваны 463 установы адукацыі, у 27 установах адукацыі кардынальна абноўлены харчаблокі, спартыўныя залы, вучэбныя майстэрні. Да Дня народнага адзінства важны падарунак атрымалі жыхары мікрараёна Хутар Навабеліцкага раёна Гомеля — новы дзіцячы сад № 57. Найважнейшы аб’ект сацыяльнай сферы ўяўляе сабой унікальны архітэктурны праект, дашкалятам ён нагадвае замак. За яркім фасадам хаваецца не менш уражальны інтэр’ер і сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне. Дзеці займаюцца на скаладроме, гуляюць у віртуальнай пясочніцы, развіваюць дробную маторыку ў LEGO-пакоі і плаваюць у басейне. Тут нават ёсць танцавальная і мастацкая студыі.
Дзеці атрымліваюць якасную адукацыю як у абласным цэнтры, так і ў самых аддаленых населеных пунктах нашых раёнаў, таму расце колькасць спецыялізаванага аўтатранспарту, які дазваляе шлях дзяцей да ведаў зрабіць больш камфортным. За апошнія 3 гады ўдалося значна абнавіць аўтапарк сістэмы адукацыі Гомельшчыны. Летась набылі 41 аўтобус, а сёлета яшчэ 34 адзінкі тэхнікі адправіліся ў распараджэнне раёнаў. Бяспека дзяцей заўсёды была і застаецца на асаблівым кантролі.
На дзяржаўным узроўні робіцца ўсё, каб хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі выдатныя веды, выраслі здаровымі, рэалізавалі свае таленты. Сур’ёзную работу па духоўна-маральным і эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення праводзяць установы дадатковай адукацыі і школы мастацтваў. У іх сёння вучыцца больш за 68 тысяч яркіх, крэатыўных маленькіх зорачак. Вялікая ўвага ўдзяляецца і дзіцячаму спорту. У секцыях спартыўных школ займаецца практычна кожны трэці школьнік.
Сістэма адукацыі адпавядае сучасным выклікам і патрабаванням. Арыентацыя выпускнікоў на будучую прафесію з улікам запытаў рынку працы, якасная падрыхтоўка спецыялістаў — залог паспяховасці эканомікі дзяржавы. На базе 49 каледжаў рыхтуюць больш за 22 тысячы чалавек па 50 спецыяльнасцях і 89 кваліфікацыях для ўсіх галін сацыяльна-эканамічнага комплексу рэгіёна. Лічбы прыёму ў абласных каледжах штогод павялічваюцца. У першую чаргу такая дынаміка абумоўлена адкрыццём новых спецыяльнасцей і цесным узаемадзеяннем з заказчыкамі кадраў.
Сфера адукацыі дынамічна развіваецца. Каб не толькі ўтрымліваць узнятую высокую планку, але і імкнуцца да новых вяршынь, неабходна працягваць старанна і карпатліва працаваць, ёсць перспектывы для руху наперад. Мы многага дасягнулі, але перад намі стаяць яшчэ больш сур’ёзныя і стратэгічна важныя задачы.
«Замацаванне выніку і далейшы рост — задача для кожнага педагога. Важна не толькі даваць веды, але і прывіваць дзецям гордасць за Беларусь, вучыць берагчы мір, бяспеку, стабільнасць».
Робіцца ўсё для таго, каб дзеці не толькі спасцігалі прамудрасці навук, але і станавіліся патрыётамі сваёй краіны. Усё больш папулярнымі формамі занятасці для навучэнцаў становяцца ваенна-патрыятычныя класы, аб’яднанні, клубы. Дарэчы, моладзь Гомельшчыны праходзіць сур’ёзную школу грамадзянска-патрыятычнага выхавання, і самае галоўнае, што ў дзяцей фарміруюцца паважлівыя адносіны да Радзімы. У сучасных падручніках значнае месца адводзіцца тэме Вялікай Айчыннай вайны. Але падручнікамі абмяжоўвацца нельга, таму вучні разам са сваімі педагогамі рэгулярна наведваюць знакавыя для Беларусі месцы. У снежні на тэрыторыі мемарыяла “Дзецям — ахвярам вайны” ў аграгарадку Чырвоны Бераг адкрыўся музейны комплекс. Ён не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах замежжа. Абноўлены мемарыяльны комплекс і музей стануць адукацыйнай платформай для навучэнцаў, асветніцкая работа будзе накіравана на захаванне памяці аб трагедыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Першы ўрок памяці “Лёсы дзяцей вайны” для навучэнцаў-лідараў, кадэтаў, выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў з розных раёнаў Гомельшчыны, актывістаў маладзёжнага руху правялі настаўнік Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Беларусі — 2023” Сяргей Шамінскі і дырэктар Антонаўскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна Сяргей Гарошка.
Важнае пытанне — павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Як бы пафасна гэта ні гучала, педагогі не проста даюць пуцёўку ў жыццё кваліфікаваным спецыялістам, яны выхоўваюць грамадзян нашай краіны, фарміруюць інтэлектуальную эліту Беларусі. Безумоўна, важна і далей развіваць сістэмную работу па фарміраванні пазітыўнага вобраза настаўніка. На старонках рэспубліканскага профільнага выдання “Настаўніцкая газета” Гомельшчына шырока рэкламуе дасягненні, творчы вопыт і найлепшыя педагагічныя практыкі сапраўдных майстроў сваёй справы, традыцыі педагагічных дынастый, калектываў школ, у якіх працуюць іх выпускнікі, прадстаўляе шматгранныя таленты вопытных педагогаў і маладых спецыялістаў. І наша ўзаемадзеянне будзе толькі пашырацца!
Ёсць чым ганарыцца
Андрэй Заблоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— У 2024 годзе было забяспечана стабільнае функцыянаванне рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Усюды выкананы прагнозныя паказчыкі і нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Прыняты канкрэтныя крокі па пашырэнні інфраструктуры адукацыйнай сферы.
Адчынілі дзверы дашкольныя ўстановы ў Магілёве і Бабруйску, уведзены ў эксплуатацыю сучасныя школы ў Магілёве і Асіповічах. На правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў устаноў адукацыі накіравана 86 мільёнаў рублёў. Заменены аконныя блокі ва ўсіх школах і дзіцячых садах. Завершаны пераход на арганізацыю харчавання ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі. Для гэтага належным чынам абсталяваны харчаблокі і сталовыя. Цалкам вырашана пытанне падвозу навучэнцаў транспартам, не старэйшым за 10 гадоў. У найбліжэйшых планах — прадоўжыць абнаўленне матэрыяльнай базы навучальных устаноў. Сёлета плануецца ўдзяліць сур’ёзную ўвагу капітальнаму рамонту дзіцячых садоў, добраўпарадкаванню іх тэрыторый, замене надворнага і гульнявога абсталявання, ценявых навесаў.
Зараз у вобласці створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на якасную адукацыю. Арганізавана профільнае навучанне. Ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пашыраецца сетка гурткоў, клубаў, спартыўных секцый. Створана дыферэнцыраванае адукацыйнае асяроддзе.
Сёння галіне адукацыі Прыдняпроўскага краю ёсць чым ганарыцца. Дасягненні педагогаў і навучэнцаў адзначаюцца на самым высокім узроўні. Нашы школьнікі паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Летась каманда вобласці заваявала 95 дыпломаў: гэта лепшы вынік за 13 гадоў. Выдатна выступілі вучні на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, заваяваўшы 1-е агульнакаманднае месца. Да таго ж навучэнцы ўзялі 11 медалёў рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі, матэматыцы, фізіцы, астраноміі і інфарматыцы. Актыўна праяўляюць сябе школьнікі ў творчасці і спорце. Каля 80 дзяцей і педагогаў былі ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Многае апошнім часам зроблена ў прафесійнай адукацыі. У каледжах функцыянуюць 5 цэнтраў кампетэнцый. Упор робіцца на прафарыентацыю і дапрофільную падрыхтоўку навучэнцаў, накіраваную на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій. Уся работа вядзецца ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Такія алгарытмы дазволілі ў паўтара разу павялічыць мэтавы прыём.
Важна, што першачарговае значэнне ва ўстановах адукацыі надаецца не толькі якасці навучання, але і выхаванню. Штодзень педагогі прывіваюць дзецям духоўна-маральныя якасці, грамадзянскасць і патрыятызм. Прыярытэт выхаваўчай работы будзе захоўвацца. Асаблівую ролю ў выхаванні плануецца надаць фарміраванню канструктыўнай пазіцыі моладзі, далучэнню маладых людзей да актыўнай стваральнай занятасці. Прадумваем магчымасці і для ўмацавання ўзаемадзеяння з сем’ямі навучэнцаў.
Галоўным нязменна застаецца асоба настаўніка. Трэба не забываць пра тое, што мы нясём персанальную адказнасць за юныя душы, за тое, як складзецца жыццё вучняў. Якімі б тэхналогіямі ні была абсталявана школа, ключавой фігурай быў, ёсць і будзе педагог. Настаўнікам неабходна заўсёды памятаць, што наша задача — не проста даць веды, а ўласным прыкладам выхаваць будучага дастойнага грамадзяніна сваёй краіны. Сумеснымі намаганнямі ў педагагічнай грамадскасці Магілёўшчыны гэта атрымліваецца. Разам будзем ісці да вызначаных мэт і ў далейшым.
Адказна і прафесійна
Наталля Каліноўская, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:
— У мінулым годзе сістэма адукацыі Брэстчыны, якая налічвае 942 установы дашкольнай, агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, развівалася дынамічна і вынікова. Дашкольныя ўстановы наведваюць каля 49,9 тысячы дзяцей, у школах атрымліваюць веды 167,1 тысячы навучэнцаў, у каледжах — 16,5 тысячы. Спецыяльнай адукацыяй ахоплены 4,2 тысячы дзяцей. Забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах — больш за 102%.
Летась у Брэсце ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад № 13, рэканструяваны басейн сярэдняй школы № 9 і харчаблокі сярэдніх школ № 5, № 15 і № 28. Завершаны рэканструкцыя будынка дзіцячага аздараўленчага лагера ў вёсцы Белін Драгічынскага раёна і будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Працягваюцца будаўнічыя работы ў спальным корпусе на 150 месцаў у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Світанак” Пінскага раёна.
Павышаная ўвага ўдзялялася дзіцячаму харчаванню. Для поўнага і якаснага пераходу на новыя прынцыпы яго арганізацыі выкананы бягучыя рамонты 44 харчаблокаў, а таксама капітальны рамонт харчаблока сярэдняй школы аграгарадка Вулька-1 Лунінецкага раёна.
Асаблівая гордасць — дасягненні навучэнцаў. Летась школьнікі Брэстчыны заваявалі 8 медалёў на міжнародных алімпіядах па геаграфіі, астраноміі і навуках аб Зямлі, а таксама ў Сусветным конкурсе вынаходстваў. На рахунку навучэнцаў 67 дыпломаў, атрыманых па выніках заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, і 24 заваяваны на рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару. Выпускнікі школ паказалі 163 стабальныя вынікі на ЦЭ, у тым ліку 9 выпускнікоў — па двух прадметах. Тры выпускнікі атрымалі 400 балаў і сталі студэнтамі вядучых беларускіх УВА.
Звыш 62% старшакласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. У 89 школах дзейнічаюць педагагічныя, у 36 — ваенна-патрыятычныя, у 6 — спартыўна-педагагічныя, у 75 — аграрныя, у 49 — інжынерныя класы. Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай ахоплены ўсе дзеці з АПФР, а інтэграваным навучаннем і выхаваннем — каля 71%.
На асаблівым кантролі — работа па выяўленні і прадухіленні сямейнай нядобранадзейнасці непаўналетніх. На Брэстчыне створана самая вялікая сетка дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў краіне: у 55 ДДСТ пражываюць 387 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Больш за 85% такіх дзяцей уладкаваны на сямейныя формы выхавання.
Паступова і мэтанакіравана паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Яны аснашчаюцца сродкамі навучання, лабараторным і іншым абсталяваннем за кошт мясцовых бюджэтаў і цэнтралізаваных паставак галіновага міністэрства. Так, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў набыты 56 камп’ютарных класаў.
У цэнтры павышанай увагі — грамадзянска- і ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. У вобласці дзейнічаюць 54 адпаведныя клубы пад патранатам міністэрстваў унутраных спраў, абароны і па надзвычайных сітуацыях, а таксама Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Важную ролю ў захаванні гістарычнай памяці адыгрываюць музеі, створаныя ва ўстановах адукацыі. Сярод 184 такіх музеяў 39 маюць гістарычны і 42 ваенна-гістарычны профіль. Ва ўсіх установах аформлены выставы-экспазіцыі “Забыццю не падлягае”.
Першы рэгіён ганарыцца сваімі педагогамі. Так, летась настаўніца біялогіі Таццяна Пархамчук з гімназіі № 2 Пінска і выхавальніца Ганна Крышталь з дзіцячага сада № 1 Пінска сталі пераможцамі ІІІ Міжнароднага фестывалю педмайстэрства ў Ерэване (Арменія).
«У бягучым годзе завершыцца будаўніцтва школы-сада ў Пінску і прыбудовы да сярэдняй школы № 1 Лунінца з рэканструкцыяй, а таксама пачнецца ўзвядзенне сярэдняй школы ў Брэсце і дзіцячага сада ў Баранавічах».
Асноўныя намаганні будуць накіраваны на далейшае ўдасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі, пошук і выкарыстанне новых форм выхаваўчай работы, павышэнне эфектыўнасці падрыхтоўкі выпускнікоў школ да ЦЭ, паляпшэнне сістэмы прафарыентацыйнай работы з імі. Установы адукацыі працягнуць аснашчацца сучасным вучэбным абсталяваннем і новымі камп’ютарнымі класамі.
З-за недахопу настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў і выхавальнікаў асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца арыентацыі выпускнікоў школ на атрыманне адукацыі па педагагічных спецыяльнасцях, у тым ліку на аснове мэтавай падрыхтоўкі.
Паспяховае вырашэнне пастаўленых задач залежыць ад прафесіяналізму і адказнасці ўсіх педагогаў і кіраўнікоў адукацыйнай галіны вобласці.
Павышаць якасць адукацыі
Мікалай Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама:
— Ключавымі кірункамі работы з дзецьмі і моладдзю Міншчыны былі і застаюцца грамадзянска-патрыятычнае, ідэалагічнае выхаванне, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця.
Ва ўстановах адукацыі актыўна рэалізуюцца інавацыйныя, эксперыментальныя і педагагічныя праекты. На працягу некалькіх гадоў Мінская вобласць з’яўляецца адной з лідзіруючых у краіне як па колькасці праектаў, так і па колькасці ўстаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у іх рэалізацыі.
Мы надаём вялікае значэнне сістэмнай рабоце з інтэлектуальна адоранымі і матываванымі навучэнцамі. Летась галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі распрацаваны абласны праект “Прыступкі поспеху!”, рэалізацыя якога дазволіць выбудаваць цэласную сістэму работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі. Так, за 2024 год 95 навучэнцаў Міншчыны прынялі ўдзел у 22 міжнародных конкурсах і заваявалі 65 узнагарод.
У мінулым годзе ўпершыню для навучэнцаў 10—11 класаў педагагічнай накіраванасці і педагогаў прайшоў форум “Педагог. Адукацыя. Якасць”. Былі арганізаваны выставачныя пляцоўкі “Ад педагагічнай ідэі да педагагічнай прафесіі”, віртуальныя падарожжы, выставы-прэзентацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці.
У 2024 годзе чацвёрты раз у нас прайшоў конкурс “Малады дырэктар”. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, якія маюць стаж работы на пасадзе да пяці гадоў. Акрамя таго, мы правялі чацвёрты абласны адукацыйны інтэнсіў “Час маладых!” для маладых спецыялістаў па тэме “Сучасныя вучэбныя заняткі ў кантэксце фарміравання функцыянальнай адукаванасці”. Свой вопыт работы прадставілі настаўнікі-метадысты абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. А ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку арганізавалі абласны конкурс па робататэхніцы “Дарога ў будучыню”. Яго ўдзельнікамі сталі больш як 260 навучэнцаў у складзе 138 каманд.
Павышэнню якасці адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі, стварэнню бяспечных, здароўезберагальных умоў знаходжання дзяцей спрыяе рэалізацыя рэгіянальных сацыяльна-педагагічных праектаў. Вопыт педагагічных работнікаў дашкольнай сферы адукацыі ў 2024 годзе быў паспяхова прадстаўлены на міжнародным узроўні. У скарбонцы дасягненняў — 23 дыпломы пераможцаў міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольнай адукацыі краін СНД “Майстэрства без меж”, а таксама дыплом пераможцы III Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які праходзіў у рамках VIII з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.
«Мы перакананы, што прафесійная адукацыя з’яўляецца адной з найважнейшых крыніц фарміравання кадравага патэнцыялу галін эканомікі, фарміравання грамадзянскай пазіцыі моладзі».
Паказчыкі прыёму ва ўстановы адукацыі штогод фарміруюцца з улікам перспектыўнай запатрабаванасці арганізацый-заказчыкаў у кадрах, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў, колькасці выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Высокую практычную значнасць для развіцця прафесійнай адукацыі вобласці мае дзейнасць сямі цэнтраў кампетэнцый, аснашчаных сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання. У іх праходзяць навучанне і стажыроўку навучэнцы і педагогі каледжаў не толькі вобласці, але і краіны. Таксама ў цэнтрах кампетэнцый ажыццяўляецца навучанне па адукацыйных праграмах дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Мы ганарымся поспехамі навучэнцаў і педагагічных работнікаў каледжаў на конкурсных мерапрыемствах ХХХ Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа-2024”. Іх работы на міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва ўдастоены 13 залатых, 8 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. На Міжнародным кулінарным кубку (“Кулінарны АРТ-клас”) атрыманы 1 залаты, 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі.
У цэнтральным рэгіёне ўдзяляецца вялікая ўвага бяспечным і камфортным умовам арганізацыі падвозу дзяцей. Мінскім абласным выканаўчым камітэтам летась закуплена 50 школьных аўтобусаў, 22 аўтобусы дадаткова пастаўлены Міністэрствам адукацыі і 1 набыты за кошт Беларусбанка.
Летась былі пабудаваны ўстанова дашкольнай адукацыі ў Копішчы Мінскага раёна і дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — у Салігорску і Копішчы.
Завяршаецца будаўніцтва сярэдняй школы ў Фаніпалі Дзяржынскага раёна, дзіцячых садоў у Лагойску і ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна, дзіцячага сада — пачатковай школы ў Слуцку, дзіцячага сада і сярэдняй школы ў Бараўлянах Мінскага раёна.
У 2024 годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі вобласці накіравана 133 889,4 тысячы рублёў.
2025 год аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам добраўпарадкавання краіны. У пяцігодку якасці мы прыкладзём усе намаганні, каб якасна жыць і працаваць, каб наша краіна заўсёды асацыіравалася з міралюбнасцю і надзейнасцю, з чысцінёй і парадкам, з традыцыйнымі жыццёвымі і сямейнымі каштоўнасцямі.
Зусім нядаўна мы святкавалі Каляды і Новы год. Хачу скарыстацца выпадкам і пажадаць усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і міру!
Камандная работа
Дзмітрый Хома, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама:
— На Віцебшчыне мінулы год быў адзначаны шэрагам значных падзей, у тым ліку ў сістэме адукацыі як адным з найважнейшых складнікаў развіцця рэгіёна. Рухальнай сілай кожнага нашага дасягнення, безумоўна, з’яўляецца зладжаная калектыўная работа на ўсіх узроўнях, уключаючы матэрыяльна-тэхнічнае і кадравае забеспячэнне, вучэбна-метадычнае суправаджэнне. Штораз у гэтым комплексе мы паслядоўна прадугледжваем пэўныя задзелы на будучыню, якія становяцца кропкамі далейшага росту.
У кантэксце вынікаў года варта назваць выступленні на міжнародных алімпіядах, дзе нашы вучні зрабілі важкі ўклад у рэспубліканскую медальную скарбонку. Характэрным прыкладам можна назваць 65-ю Міжнародную алімпіяду па матэматыцы, калі беларусы паказалі найлепшы за ўсю гісторыю свайго ўдзелу ў дадзеным спаборніцтве вынік. Палову каманды складалі навучэнцы гімназіі № 2 Віцебска, і ўсе яны заваявалі медалі. Несумненна, такія перамогі — яскравае пацвярджэнне на міжнароднай арэне высокай якасці айчыннай адукацыі, выдатны поспех.
Нельга абмінуць увагай вынікі цэнтралізаванага экзамену, згодна з якімі па рускай мове, хіміі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве і геаграфіі мы занялі лідзіруючыя пазіцыі. Па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, беларускай і англійскай мовах знаходзімся на другім радку агульнарэспубліканскага рэйтынга. Несумненна, кожнае падобнае дасягненне маленькімі цаглінкамі кладзецца ў падмурак наступных перамог і здзяйсненняў нашых навучэнцаў і педагогаў.
З пункту погляду развіцця і найперш забеспячэння крокавай даступнасці ўстаноў адукацыі важнай падзеяй стала ўвядзенне ў строй пачатковай школы — дзіцячага сада ў маладым віцебскім мікрараёне Білева-3. Таксама наваселле адзначылі два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Паставах і Полацку, пабудаваныя ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Прыемна сказаць, што сёлета мы плануем завяршыць будаўніцтва яшчэ чатырох устаноў адукацыі ў Віцебску, Наваполацку, Оршы і Лепелі.
У плане міжнароднага супрацоўніцтва актыўна пашыраецца ўзаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй. Разам з тым мы плённа развіваем і наладжваем новыя кантакты з іншымі сяброўскімі краінамі — у прыватнасці, з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Сярод маштабных мерапрыемстваў, праведзеных у ходзе рэалізацыі міжнародных ініцыятыў і праектаў, хочацца асобна вылучыць грамадзянска-патрыятычны лагер “Курган Дружбы”. Для навучэнскага актыву, педагогаў Пскоўскай і Віцебскай абласцей прайшла двухтыднёвая змена на базе Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, на гераічнай верхнядзвінскай зямлі. Выразны акцэнт быў пастаўлены на сумеснай праектнай дзейнасці і знаёмстве з памятнымі мясцінамі Беларусі, гісторыя якіх звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Здароўезберажэнне, развіццё фізічнай культуры і спорту для нас нязменны прыярытэт. Магчыма, нават лепш за стымулюючыя заахвочванні навучэнцаў матывуюць прыклады і спартыўныя поспехі равеснікаў, а педагогаў — вопыт калег. За мінулы год у нашу скарбонку дабавіліся перамога ў агульнакамандным заліку на Рэспубліканскай спартакіядзе навучэнцаў каледжаў, шэраг прызавых месцаў на спаборніцтвах спартакіяды Саюзнай дзяржавы і фестывалю школьнага спорту. Дарэчы, па яго выніках каманды пяці ўстаноў адукацыі вобласці заваявалі права прадстаўляць Беларусь на аналагічных спаборніцтвах з удзелам расійскіх школьнікаў. Прэстыжны “Зорны мяч — 2024” атрымаў дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Бабіч у намінацыі “За ўклад у развіццё масавага футбола”. Гэта паказчык менавіта каманднай работы, бо нашы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі складаюць практычна палову ўдзельнікаў рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Гуляем у футбол”, да якога далучыліся і каля 40 дашкольных устаноў.
Радуе выбар нашых дзяцей на шляху іх прафесійнага станаўлення. Пастаянна павялічваецца колькасць выпускнікоў 9-х класаў, якія паступаюць у каледжы (на сёння звыш 53%). Гэта пераканаўчае сведчанне таго, што ў вобласці робяцца правільныя крокі ў напрамку папулярызацыі рабочых прафесій. Зноў жа наладжана сістэмная работа. У выніку моладзь мае магчымасць і імкнецца прайсці якасную падрыхтоўку, што дазваляе кожнаму выбудаваць аптымальную прафесійную траекторыю і паспяхова ўладкавацца ў жыцці, а эканоміка рэгіёна забяспечваецца запатрабаванымі кадрамі.
Мы не першы год ставім перад сабой высокую планку па самазабеспячэнні кадрамі. Сёння ўстановы адукацыі і персанальна кіраўнікі комплексна працуюць над акрэсленай задачай. На старце галоўнай мэтавай аўдыторыяй бачым не маладых спецыялістаў (гэта надзвычай важны працяг такой работы), а навучэнцаў — будучых абітурыентаў, якія матывавана пойдуць у педагагічную прафесію. У нас штогод значна расце колькасць мэтавікаў, па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях забяспечваем максімальны працэнт паступлення па мэтавых дагаворах. Напрыклад, гэта датычыцца настаўнікаў матэматыкі і фізікі. Каля 95% нашых мэтавікаў вучацца ў рэгіянальных універсітэтах, што дазваляе ўзмацніць практычны складнік падрыхтоўкі з прыцэлам на канкрэтныя рабочыя месцы. Таму ў будучыню глядзім з пэўным аптымізмам, усведамляючы пры гэтым, што работа нас усіх чакае цікавая і вялікая. А яе якасць і эфектыўнасць у першую чаргу залежаць ад неабыякавага стаўлення і адказнасці кожнага з нас.
Источник: Издательский дом «Педагогическая пресса»