— Прашу растлумачыць прымяненне пастановы Міністэрства адукацыі ад 3 чэрвеня 2019 года № 71 у дачыненні да падпункта 3.2 Інструкцыі № 71, згодна з якім педагагічным работнікам з ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, уключаных у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), працаўладкавання ў лік броні, накіравання на работу (перанакіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі сферы адукацыі, на працягу тэрміну абавязковай работы ўстанаўліваецца надбаўка ў памеры 45 працэнтаў ад акладу. Ці можа малады спецыяліст, які адпрацоўвае тэрмін абавязковай работы пасля заканчэння навукова-арыентаванай адукацыі (аспірантура), прэтэндаваць на ўстанаўленне такой надбаўкі пры працаўладкаванні ў бюджэтныя арганізацыі сферы адукацыі?
— У адпаведнасці з падпунктам 3.2 пункта 3 Інструкцыі аб парадку ажыццяўлення і памерах стымулюючых і кампенсуючых выплат работнікам бюджэтных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, і бюджэтных арганізацый, якія падпарадкаваны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і адносяцца да сферы дзейнасці Міністэрства адукацыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі ад 3 чэрвеня 2019 года № 71 (далей — Інструкцыя), надбаўка маладым спецыялістам устанаўліваецца: педагагічным работнікам з ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, уключаных у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), працаўладкавання ў лік броні, накіравання на работу (перанакіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі сферы адукацыі, на працягу тэрміну абавязковай работы; педагагічным работнікам з ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), працаўладкавання ў лік броні, накіравання на работу (перанакіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі сферы адукацыі, на працягу тэрміну абавязковай работы; спецыялістам з ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), працаўладкавання ў лік броні, накіравання на работу (перанакіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі сферы адукацыі, на працягу тэрміну абавязковай работы. На выпускнікоў, якія атрымалі навукова-арыентаваную адукацыю пры асваенні зместу адукацыйнай праграмы аспірантуры, нормы падпункта 3.2 пункта 3 Інструкцыі не распаўсюджваюцца. Выпускнікі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, прадоўжылі асваенне зместу адукацыйнай праграмы аспірантуры на ўзроўні навукова-арыентаванай адукацыі ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і атрымалі адпаведную адукацыю на гэтых умовах, накіроўваюцца на работу як маладыя спецыялісты. У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс) маладымі спецыялістамі з’яўляюцца выпускнікі, якія працуюць па накіраванні на работу і атрымалі навукова-арыентаваную адукацыю пры асваенні зместу адукацыйнай праграмы аспірантуры за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, на працягу тэрміну абавязковай работы па накіраванні на работу.
Пасля завяршэння навучання ва ўстанове адукацыі выпускнікам, якія атрымалі пасведчанне аб накіраванні на работу, прадастаўляюцца гарантыі і кампенсацыі ў адпаведнасці з артыкулам 48 Кодэкса. У прыватнасці, згодна з названым артыкулам Кодэкса, ім прадастаўляюцца наступныя гарантыі і кампенсацыі: працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй і (ці) ступенню; адпачынак працягласцю 31 каляндарны дзень, а выпускнікам, накіраваным для работы ў якасці педагагічных работнікаў, — 45 каляндарных дзён (па ініцыятыве выпускніка працягласць адпачынку можа быць скарочана); кампенсацыі ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы; грашовая дапамога, памер, крыніцы фінансавання і парадак выплаты якой вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь. Адначасова паведамляем, што Палажэннем аб парадку фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2022 года № 429 (далей — Палажэнне), устаноўлена, што кіраўнікі дзяржаўных органаў забяспечваюць стварэнне ўмоў для прафесійнага росту маладых людзей, уключаных у банк даных адоранай моладзі, шляхам: замацавання за імі куратараў (шэфаў) з ліку вопытных спецыялістаў, педагогаў, вучоных; накіравання на стажыроўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі; прыцягнення да выкладчыцкай і навуковай дзейнасці; прыцягнення да ўдзелу ў конкурсным адборы пры фарміраванні рэзерваў кадраў (пункт 13 Палажэння).
— У 2023 годзе я ўладкавалася на работу выхавальнікам дашкольнай адукацыі. У 2024 годзе мне прысвоілі другую катэгорыю на падставе дыплома магістра педагагічных навук. У гэтым годзе я скончыла аспірантуру па спецыяльнасці “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”. Падкажыце, калі ласка, ці магу я на падставе дыплома даследчыка прэтэндаваць на першую катэгорыю (агульны стаж работы ва ўстанове — 1 год і 3 месяцы)? Ці можа быць у маім выпадку павышэнне на пасаду намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці або загадчыка (вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”, магістратура — ступень магістра педагагічных навук і аспірантура па спецыяльнасці “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”)?
— Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя).
Інструкцыяй не прадугледжана магчымасць прэтэндаваць на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі без наяўнасці стажу работы (два гады з моманту прысваення другой катэгорыі) для асоб, якія атрымалі дыплом даследчыка. З тэкстам Інструкцыі вы можаце азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (https://edu.gov.by/sistema-obrazovaniya/g avnoeupravlenie-kadrovoy-politiki-i-organizatsionno-analiticheskoyraboty/informatsiya/attestatsiya/).
Кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад педагагічных работнікаў вызначаны Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69 (далей — АКДП). Згодна з АКДП, да пасады намесніка загадчыка ўстановы дашкольнай адукацыі ўстаноўлены наступныя кваліфікацыйныя патрабаванні: вышэйшая адукацыя па профілі “Педагогіка” (напрамак “Педагогіка дзяцінства”) або вышэйшая адукацыя і перападрыхтоўка па напрамку “Педагогіка дзяцінства”, стаж работы на пасадах педагагічных работнікаў не меншы за 3 гады; да пасады загадчыка — вышэйшая адукацыя, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці, ці вышэйшая адукацыя і перападрыхтоўка па профілях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” і стаж работы на пасадах педагагічных работнікаў і (ці) на дзяржаўных пасадах не менш за 5 гадоў. Пад адукацыяй, якая адпавядае педагагічнай дзейнасці, трэба разумець адукацыю з прысваеннем кваліфікацый “настаўнік”, “выкладчык”, “педагог”, “выхавальнік дашкольнай адукацыі”, “майстар вытворчага навучання” або іншых кваліфікацый, якія ўключаюць як складовую частку названыя кваліфікацыі.
— Студэнтка 4 курса павінна нарадзіць у лютым 2025 года, размеркаванне ў сакавіку. Прыём заявак ад арганізацый заканчваецца ў лютым. Сама месца работы знайсці не можа, бо цяжарных не хочуць браць. Акадэмічны водпуск браць не будзе. Замужам. Як быць у гэтай сітуацыі?
— Пытанні размеркавання выпускнікоў дзяржаўных устаноў адукацыі рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572 (далей — Палажэнне). У адпаведнасці з пунктамі 2, 3 артыкула 72 і пунктам 1 артыкула 78 Кодэкса, калі атрыманне вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, пасля завяршэння навучання выпускнікі абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады або кампенсаваць сродкі, затрачаныя
дзяржавай на іх падрыхтоўку, у рэспубліканскі бюджэт. Згодна з пунктам 9 артыкула 72 Кодэкса і пунктамі 2, 4, 10, 13, 15 Палажэння, камісія па размеркаванні выпускнікоў установы адукацыі (далей — камісія) самастойна прымае рашэнне аб размеркаванні выпускніка, кіруючыся Кодэксам і Палажэннем. Пры гэтым месца работы для выпускнікоў падчас размеркавання вызначаецца камісіяй у адпаведнасці з атрыманай выпускніком спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, з улікам наяўных заявак і заключаных дагавораў аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў (пункты 2, 9 артыкула 72 Кодэкса). Выпускнікам, якія адносяцца да катэгорыі цяжарных жанчын, месца работы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства бацькоў, мужа ці са згоды выпускніцы іншае наяўнае месца работы (падпункт 9.5 пункта 9 артыкула 72 Кодэкса). Паколькі размеркаванне — працэдура вызначэння месца работы выпускніка, якая ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі (пункт 1 артыкула 72 Кодэкса), выпускнік установы адукацыі не абавязаны шукаць сабе месца работы для размеркавання. Для рэалізацыі права на размеркаванне па месцы жыхарства бацькоў, мужа або ў іншае наяўнае месца работы неабходна звярнуцца ў камісію з прадстаўленнем медыцынскай даведкі аб стане здароўя і даведкі аб месцы жыхарства і складзе сям’і (абзац 5 часткі 7 пункта 15 Палажэння).
Источник: Издательский дом «Педагогическая пресса»